ПЕРАМЕ́ННАЯ І ПАСТАЯ́ННАЯ ВЕЛІЧЫ́НІ,

велічыні, якія прымаюць розныя значэнні ці застаюцца нязменнымі адпаведна. Напр., пры ізатэрмічным пашырэнні газу пераменныя велічыні — аб’ём і ціск, пастаянныя — маса і т-ра (гл. Бойля-Марыёта закон). Паняцце пераменнай велічыні ўзнікла ў 17 ст. з патрэб прыродазнаўства. Літарнае абазначэнне прапанавана Р.Дэкартам: пераменныя велічыні абазначаюцца апошнімі літарамі лац. алфавіта (x, y, ...), пастаянныя (канстанты) — першымі (a, b, c, ...).

т. 12, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)